ПАЛЕ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1938—54. Утворана 15.1.1938. Цэнтр — г. Мазыр. Пл. 26 тыс. км2, нас. 680 тыс. чал. (1941). Уключала 17 раёнаў: Акцябрскі (утвораны 28.6.1939; з 20.9.1944 з Глускім і Парыцкім р-намі ў складзе Бабруйскай вобл.), Брагінскі, Васілевіцкі, Глускі, Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі (утвораны 3.7.1939), Камарынскі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Парыцкі, Петрыкаўскі, Тураўскі, Хойніцкі; гарады Калінкавічы, Мазыр (з 17.3.1938 у абл. падпарадкаванні), Петрыкаў; гар. пасёлкі Брагін, Глуск, Ельск, Жыткавічы, Капаткевічы, Лельчыцы, Нароўля. Парычы, Тураў, Хойнікі, рабочыя пасёлкі Капцэвічы, Пастала, Пціч. Выходзіла газ. «Савецкае Палессе» (да 1952 «Бальшавік Палесся»). Пасля скасавання 8.1.1954 тэр. П.в. далучана да Гомельскай вобл.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)